Skip to content
2008

Andrej Hadanovič: Постымпрэсіянізм (poem in Belarusian)

Постымпрэсіянізм

Дзіцём
спрабую забрацца на бабуліну печ-
і рукі па самыя плечы
патанаюць у чорным моры
семак,
якое бабуля спрабуе высушыць.
Таго часу
семкі сохлі на дзіва хутка,
а сяброўкі
не саромеліся іх лузгаць
пры мне,
і шалупіньне проста
вісела ў іх на вуснах,
зусім не забіваючы
жаданьня цалавацца.
І я здымаў яго –
асьцярожна, як сапёр,
бо першы дотык
запраста мог быць апошнім,
а так хацелася працягу,
пагатоў на печы
высыхалі новыя семкі.
З таго часу
я знаюся на сланечніках
ня горш ад Ван Гога,
а на гарбузах
нашмат лепш за яго.

(source: Vilenica Almanac 2008)